Да 135-годдзя са дня нараджэння класіка беларускай літаратуры
Янка Купала
Таямніцы жыцця, кахання і смерці
Да 135-годдзя са дня нараджэння класіка беларускай літаратуры
Янка Купала
Таямніцы жыцця, кахання і смерці
Біяграфію паэта №1 у Беларусі ведае на памяць кожны школьнік, хоць часцяком пасля заканчэння школы гэтая гісторыя выветрываецца з памяці. Засечкамі ў галаве застаюцца радкі твораў і два пытанні без адказаў:
Кім насамрэч была для паэта Паўлінка? Што адбылося ў гатэлі «Масква» 28 чэрвеня 1942 года?
Першы радок біяграфіі паэта: Янка Купала (сапраўднае імя Іван Дамінікавіч Луцэвіч) нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года ў невялікім фальварку Вязынка Вілейскага павета ў сям'і арандатара. Гэтая фраза для школьніка гучыць, як «London is the capital of Great Britain». Вывучана да аўтаматызму, можна было б не разважаць. А варта было б.
Дом, у якім у 1882 годзе нарадзіўся народны паэт Беларусі Янка Купала
І бацька, і маці будучага паэта паходзілі з сем'яў збяднелай шляхты. Згадванне роду Луцэвічаў можна знайсці яшчэ ў архіўных дакументах ХVII стагоддзя. У свой час дзед Купалы арэндаваў зямлю ў саміх Радзівілаў, але тыя выгналі яго, і менавіта гэты факт у далейшым быў пакладзены ў аснову п'есы «Раскіданае гняздо».
Іван Дамінікавіч Луцэвіч, дамашні настаўнік у фальварку Вязынка, 1902 год
Ёсць яшчэ адно ўскоснае пацверджанне таго, што першым «народным» паэтам нацыі стаў нашчадак «блакітных крывей». Гэта пацвярджэнне – чуццё сябра і такога ж «народнага ідала» ўсіх беларусаў – Якуба Коласа.
Вядома, што Купала і Колас часам адкрыта супернічалі і вялі злосныя бойкі… за шахматнай дошкай. Купала лічыў сябе майстрам і не тоячыся злаваўся, калі Колас раптоўна пачынаў выйграваць. І аднойчы пасля асабліва ўдалага ходу суперніка ўсклікнуў: «Ах ты, мужык!». У адказ прагучала не меньш эмацыйнае: «А ты — шляхцюк!» Гэтая рэпліка мусіла быць сцвярджэннем і арыстакратычных каранёў Купалы, і яго вечнай прагі да элегантнасці.
Касцюмы з гальштукам і трысціна як абавязковы атрыбут. Такі выгляд не мог не прыцягваць да сябе жаночую ўвагу, але ў біяграфіі Купалы захаваліся толькі два жаночых імя – Уладзіслава Станкевіч і Паўліна Мядзёлка. З першай Купала пражыў больш за 25 гадоў, у гонар другой назваў галоўную гераіню сваёй п'есы «Паўлінка».
Зусім юная Паўліна Мядзёлка ў 16-цігадовым узросце паехала ў Вільню за «лепшым жыццём». У горадзе дзяўчына здала іспыты ў гімназію і адправілася ў госці да знаёмых, дзе і сустрэлася з Янкам Купалам.
“
Мне адчыніў дзверы малады мужчына. Ён быў у камізэльцы, рукавы белай кашулі былі загорнуты, высокі цвёрды каўнерык ад манішкі падпіраў падбародак, светлыя валасы, яшчэ мокрыя, гладка прычэсаны.
З мемуараў Паўліны Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця»
Янка Купала, 1911 год
Public domain
Шмат чаго ў аўтабіяграфічным выданні Паўліны Мядзёлкі прайшло праз савецкую цэнзуру, але некаторыя радкі засталіся:
“
Купала жартаваў, пытаўся ў мяне, ці шмат у Вільні прыгожых дзяўчат. Я ўвесь час маўчала, незадаволеная жартаўлівым паваротам размовы.
Сустрэча з Паўлінай Мядзёлкай так запала ў душу паэту, што праз 4 гады ён зачытаў сябрам сваю новую п'есу пад назвай «Паўлiнка» і прапанаваў дзяўчыне галоўную ролю ў аднайменным аматарскім спектаклі. Юная актрыса не адмовілася ні ад ролі, ні ад адносінаў з аўтарам, хаця падчас адной з сустрэч паэт атрымаў нечаканы адпор:
“
Ты што, прыходзіш вучыць мяне пацалункам? Абыйдуся без тваіх урокаў!
Сцэна са спектакля «Паўлінка» ў Беларускім дзяржаўным тэатры імя Я. Купалы, Мінск, 1955 год
З Уладзіславай Янка Купала звянчаўся ў 1916 годзе ў Петрапаўлаўскім касцёле Масквы. У мемуарах Паўліны Мядзёлкі захаваўся каментар пра тое, што актрыса даведалася пра шлюб паэта і сваёй сяброўкі толькі праз год пасля цырымоніі.
Янка Купала с жонкай Уладзіславай і лекарам Сямёнам Жывапісцавым
Але Паўліна Мядзёлка працягвала прысутнічаць у жыцці Купалы. У сярэдзіне 20-х гадоў Купала дапамог ёй уладкавацца на працу ў мінскае выдавецтва. А летам 1930 года яе арыштавалі ўжо ў Маскве быццам бы за ўдзел у антысавецкім Саюзе вызвалення Беларусі. Паўліна, па яе асабістаму прызнанню, «падпісывала ўсё, што падсоўвалі».
Неўзабаве пасля арышту Паўліны Мядзёлкі Янка Купала спрабаваў скончыць жыццё самагубствам.
Вядома, што Янка Купала быў адным з ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра, БДУ і Інбелкульта, удзельнічаў у канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, быў уганараваны звання «народнага паэта БССР», але, тым не менш, АДПУ (пазней НКУС) сачыў за ім. Паэта не аднойчы вінавацілі ў палітычнай ненадзейнасці, маўляў, гэта ён кіраваў падпольным Саюзам вызвалення Беларусі, чым і сапсаваў сваю рэпутацыю.
Дэлегаты 1-га Усесаюзнага з'езду савецкіх пісьменнікаў: Іван Антонавіч Качарга (УССР), Жан Рышар Блок (Францыя) і Янка Купала (БССР). 18 жніўня 1934 года
Пасля аднаго з допытаў у АДПУ у 1930 годзе Янка Купала даслаў ліст старшыні праўлення БССР Аляксандру Чарвякову:
“
Таварыш старшыня! Яшчэ раз, перад смерцю, заяўляю, што я ні ў якой контррэвалюцыйнай арганізацыі не быў і не збіраюся быць. Відаць, такі лёс паэтаў. Павесіўся Ясенін, застрэліўся Маякоўскі, ну і мне туды за імі дарога
Ліст апынуўся перадсмяротнай запіскай самагубцы.
Старшыня ЦВК БССР А. Г. Чарвякоў, Мінск, фота да 1935 года
22 лістапада 1930 года Янка Купала спрабаваў пакончыць з жыццём – кухонным нажом паэт зрабіў сабе харакіры (хоць нехта распавядае пра каўказскі кінжал). Выратавала яго жонка Уладзіслава, якая пачула енк з суседняга пакою і, знайшоўшы Купалу на падлозе ў лужыне крыві, кінулася за дапамогай.
Мінск, 1930-е гады
Public domain
Калі ж Купалу перавялі на хатняе лячэнне, да яго ў госці прыйшоў сябра, тады ўжо пазбаўлены пасады прэзідэнта АН БССР Усевалад Ігнатоўскі. Гэтая сустрэча была апошняй. Па адной з версій, усе абвінавачванні, раней адрасаваныя Купалу, у НКУС перавялі на Ігнатоўскага, і на наступны дзень пасля візіту да паэта яго сябра застрэліўся.
Дырэктар Інбелкульта Усевалад Ігнатоўскі, Мінск, 1926 год
Новая пагроза арышту навісла над літаратарам у 1937 годзе, але праз год гучная «Справа пісьменнікаў» была раптоўна закрыта, а ў студзені 1939-га Янка Купала і Якуб Колас былі ўганараваны першымі ардэнамі Леніна.
Янка Купала стаў кавалерам ордэна Леніна ў 1939 годзе
Верагоднай падставай для прысваення вышэйшых узнагарод стаў Пакт аб ненападзе паміж Германіяй і Савецкім Саюзам, падпісаны 23 жніўня 1939 года разам з сакрэтным пратаколам аб падзеле Усходняй Еўропы. Тэрыторыі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі праз пару месяцаў павінны былі ўвайсці ў склад СССР.
Загад аб знішчэнні літаратараў тэрмінова замянілі іх узнагароджаннем у якасці акта прапаганды, адрасаванага насельніцтву Заходняй Беларусі.
Савецкія пісьменнікі Якуб Колас, Янка Купала, Аляксей Талстой, БССР, 6 верасня 1940 года
Увосень 1941 года Іван Дамінікавіч Луцэвіч разам з жонкай Уладзіславай апынуўся ў татарскім сяле Печышчы на шляху да Казані, куды падчас вайны эвакуявалі Саюз пісьменнікаў. Там жа 18 чэрвеня 1942 года паэта заспеў выклік з Масквы.
Рэпрадукцыя карціны мастака Х. М. Ліўшыца «Кузьма Чорны і Янка Купала ў Печышчах»
У Маскву Купала паехаў адзін. Са сталіцы даслаў жонцы спачатку ліст аб тым, што дабраўся добра, а потым – тэлеграму, у якой удакладніў адрас: гатэль «Масква», нумар 414. Ліст жонкі ў адказ ён атрымаць не паспеў. Увечары 28 чэрвеня паэт выпаў у лесвічны пралёт гатэля паміж 9 і 10 паверхамі і, праляцеўшы больш дзесяці метраў, разбіўся насмерць.
Да свайго 60-годдзя Янка Купала не дажыў некалькі дзён.
Паводле афіцыйнай версіі, прычынай смерці Янкі Купалы стала наканаваная выпадковасць. Але ён ляцеў у шахту паміж пралётамі, перакуліўшыся праз высокія парэнчы. Ці мог паэт зрабіць гэта адмыслова? Але версія самагубства таксама не знайшла пацвярджэння. Яшчэ ў 2006 годзе Сяргей Вечар, на той момант дырэктар музея Янкі Купалы, казаў:
“
Ёсць інфармацыя пра расклад тых дзён, калі Купала быў у Маскве. Не было ў яго такога настрою, каб развітацца з жыццём. На наступны дзень яму трэба было выступаць па радыё на тэрыторыю Беларусі з заклікам да сваіх зямлякоў (ішла вайна), таксама на наступны дзень ён павінен быў атрымаць ганарар за сваю кнігу…
Ёсць пацверджаная гісторыкамі інфармацыя пра тое, што за колькі гадзін да пагібелі паэт сустракаўся з сябрамі, быў у бадзёрым настроі і запрашаў на 60-гадовы юбілей, які мусіў адзначыць 7 ліпеня. У нумары гатэля ён быў з кампаніяй, але раптоўна падняўся і выйшаў, папярэдзіўшы, што яму «трэба з кімсьці пагутарыць», і што «ён праз хвіліну вернецца».
Па некаторых звестках, незадоўга да трагічнай смерці Купалу зноў бачылі ў кампаніі Паўліны Мядзёлкі. У тыя гады яна працавала ў 27-й школе Масквы настаўніцай, а па іншых дадзеных, служыла ў Дзяржаўным палітычным кіраванні пры НКУС...
Калі пастаяльцы гатэля выбеглі са сваіх нумароў на шум на лесвіцы, уверх па прыступках пабегла невядомая жанчына, а на пляцоўцы паміж паверхамі ляжаў туфель паэта.
Хто гэтая жанчына? Ці магла яна скінуць у лесвічны пралёт няхай і не маладога, але досыць моцнага мужчыну? Ці яна проста бачыла, як «дапамог» нехта іншы? І як туфель паэта мог зляцець з нагі і апынуцца на пляцоўцы? Гэтыя пытанні аб тым, што адбылося ў гатэлі «Масква» 28 чэрвеня 1942 года, застаюцца без адказаў і да сёнешняй пары.
Паводле адной з версій, у архівах ФСБ Расіі да гэтата часу захоўваюцца засакрэчаныя дакументы, якія могуць дапамагчы адказаць на пытанне пра тое, як насамрэч загінуў народны паэт Беларусі. Але ўсе запыты, у тым ліку і супрацоўнікаў музея Янкі Купалы ў Мінску, засталіся без адказаў.
Цела паэта было крэміравана 1 ліпеня 1942 года і пахавана на Ваганькаўскіх могілках у Маскве. І толькі праз 20 гадоў, у 1962 годзе, урна з прахам беларускага класіка была перавезена ў Мінск і перапахавана на Вайсковых могілках, побач з магілай яго маці.