Маці Божая ў намітцы
Маці Божая ў намітцы
Матерь Божья в намитке
Іконы называлі «кнігамі для непісьменных», менавіта таму на старадаўніх абразах пэндзля беларускіх майстроў можна знайсці не толькі біблейскія сюжэты, але і вышыванкі, наміткі і нават румяных шляхцічаў, якія быццам сышлі з парадных партрэтаў
«З'яўленне Жыровіцкага абраза Маці Божай» з іканастаса Успенскага сабора Жыровіцкага манастыра Гродзенскай вобласці, 1730-я гады.
Збор беларускага іканапісу з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь лічыцца ўнікальным па многіх прычынах. У першую чаргу – з-за асаблівасцяў праламлення класічных іканапісных традыцый. Дакладней, з-за досыць самабытных акцэнтаў, якія расстаўлялі часам на іх майстры. Дасведчаны погляд лёгка знойдзе на абразах са збору Нацыянальнага мастацкага і элементы з заходніх еўрапейскіх гравюр, і строгія лініі візантыйскага іканапісу.
Абразы іканастаса Успенскага сабора Жыровіцкага манастыра Гродзенскай вобласці, 1730-я годы.
І мастацтвазнаўцы, і гісторыкі сышліся: у беларускім іканапісе XVII – XIX стагоддзяў свой стыль, які нарадзіўся на сумесі праваслаўя, каталіцызму і ўніяцтва, распаўсюджанага ў нашых землях. Узаемны ўплыў рэлігійных традыцый быў натуральны і непазбежны.
Аднойчы рэстаўратар Фёдар Сарока, які працаваў з фрэскамі Свята-Петрапаўлаўскага сабора на Нямізе, распавёў прытчу, якая ёміста характарызуе жыццё беларуса: «Паехаў ён на кірмаш у мястэчка. Тое-сёе спрадаў, ды й пайшоў. Спачатку ў касцёл – там прыгожа граюць, потым у царкву – там дабра пяюць, а пасля да рэбе – параіцца, як далей жыць».
Апостальскі рад з манастыра Брыгітак у Гродне, 1642–1649 гады.
Тут стагоддзямі суседнічалі каталікі, праваслаўныя, уніяты. І ўсё гэта, безумоўна, пакінула свае рыскі ў сакральным жывапісе. Адна з самых яскравых старонак у беларускім іканапісе – тая, на якую ляглі шчодрыя фарбы барока. Найбольш поўны збор іканапісу, створанага пад уплывам мастацтва барока, знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і па праву лічыцца самай яркай перлінай збору.
«Тайная вячэра», адна з абразоў святочнага рада іканастаса, XVIII стагодзе (1754–1757).
Крыжаўзвіжанская царква, с. Аброва, Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці.
Мінулым летам некалькі дзясяткаў абразоў з гэтага збору былі прадстаўлены ў Ватыкане, у Італіі. І поспех быў ашаламляльны – за дзень выставу з Беларусі наведвала столькі людзей, колькі ў Беларусі – прыкладна за год. Зараз некалькі экспанатаў іканапіснага збору экспануюцца на выставе ў Таледа (Іспанія) у музеі Эль-Грэка.
Адзін з абразоў экспазіцыі выставы «Апосталы і прарокі. Беларуская ікона XVII-XVIII стст.»
у музеі Эль-Грэка ў Таледа (Іспанія).
© НММ РБ
Любоў Сысоева
Мастацтвазнаўца, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела
старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея
Мы для еўрапейцаў цікавыя і невядомыя. Нараўне з традыцыямі Візантыі ў абразах выразна бачныя традыцыі заходне-еўрапейскага мастацтва.
Музейная калекцыя пачала збірацца ў 1939 годзе. Але з даваеннага збору практычна нічога не захавалася – асноўная яго частка загінула ў Кёнігсбергскім замку падчас пажару ў 1945 годзе.
Дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алена Васільеўна Аладава і галоўны захавальнік музея А.І. Сакалоў ля іконы «Тры Свяціцелі».
© НММ РБ
Любоў Сысоева
Мастацтвазнаўца
Ёсць адзінкавыя асобнікі, якія ўсё-такі знайшліся. На тыльным баку абразоў былі штампікі і надпісы, якія і дапамаглі ім вярнуцца.
Па такіх штампах (на фота злева ўнізе) карціны з беларускага збору былі апазнаны і вернуты пасля вайны.
© НХМ РБ
Асноўная частка збору беларускага іканапісу была сабрана ўжо пасля вайны – у асноўным прывезена са шматлікіх экспедыцый супрацоўнікамі музея.
Экспедыцыя 1958 года ў Брэсцкую вобласць. Дырэктар музея Алена Аладава і рэстаўратар Філатаў (Масква).
© НХМ РБ
Прафесар, доктар мастацтвазнаўства Надзея Высоцкая прапрацавала ў Нацыянальным мастацкім музеі больш за 40 гадоў. Дзякуючы яе настойлівасці і даследчай нястомнасці была не толькі сабрана, але і атрыбутыравана асноўная частка калекцыі сакральнага жывапісу Беларусі.
Прафесар, доктар мастацтвазнаўства Надзея Фёдараўна Высоцкая.
Надзея Высоцкая
Прафесар
У мяне была свая сістэма апытання мясцовых жыхароў, план, карты, на якіх былі пазначаны ўсе цэрквы раёна. Чыноўнікі рапартуюць: «царквы ў вёсцы няма». Я туды еду – царквы сапраўды няма. Затое на могілках ёсць капліца. А ў ёй – унікальныя каштоўнасці. Вось у магільнай капліцы ў вёсцы Ляхаўцы на дзверы нават замка не было – ён замыкаўся на пруток, а ўнутры – абраз XVII стагоддзя. Хіба маглі мы пакінуць яго там?
Нямала цэркваў было разбурана фашыстамі пры адступленні, абразы і царкоўныя рэчы ратавала мясцовае насельніцтва.
У 1960-я гады, калі Высоцкая з іншымі супрацоўнікамі музея толькі пачынала збіраць сакральны жывапіс, стаўленне да гэтай задумы было неадназначнае. Іканапіс не лічыўся тады мастацтвам і грошай на яго захаванне не давалі. Даследчыкам даводзілася разлічваць у асноўным на свае сілы.
Надзея Высоцкая
Прафесар
Нашы летнія экспедыцыі пачыналіся з таго, што ўсю зіму я «збірала»... малочныя бутэлькі. Я не здавала іх, а збірала ў мяшкі ад бульбы. Да лета набіралася мяшкоў 10–15. Мы іх здавалі – гэта і былі грошы на харчаванне ў экспедыцыі. У той час гэта мастацтвам не лічылі, а нас папракалі, што праядаем бюджэт, ездзім невядома дзе, прывозім невядома што.
Так выглядае абраз да рэстаўрацыі. Для таго, каб маляўнічы пласт не абсыпаўся канчаткова, яго абараняюць прафзаклейкай, якую здыме толькі рэстаўратар перад тым як узяць карціну ў працу.
Збор музея – малая частка таго, што ўдалося выратаваць музейным экспедыцыям. Шматлікія абразы, якія тады заставаліся ў храмах, былі практычна без нагляду, скрадзеныя, а некаторыя знішчаныя саматужнай рэстаўрацыяй.
Любоў Сысоева
Мастацтвазнаўца
Тое, што ў музеі – то і выратавана. І зараз храмы робяць копіі з гэтых ікон. Вось для вёскі Ляхаўцы, напрыклад, маларыцкі майстар стварыў калісьці абраз, цяпер ён захоўваецца ў нашым зборы. А сучасны іканапісец зробіць з яго копію для мясцовага храма. Лічыцца, што і першаўзор, і спіс з яго маюць аднолькавую духоўную сілу.
Зрэшты, часам у жыцці адбываюцца рэчы малазразумелыя, але цудоўныя. Напрыклад, іконы Маці Божая Адзігітрыя і Хрыстос Уседзяржыцель XVIII–XIX стагоддзяў – зараз адны з самых каштоўных экспанатаў калекцыі. А падарыў іх музею 4 гады таму мінскі пенсіянер, міліцыянер у адстаўцы Леанід Новак.
Любоў Сысоева
Мастацтвазнаўца
Проста так аддаў у дар. Ён іх падабраў калісьці ў 70-я гады мінулага стагоддзя на Гомельшчыне, у Калінкавічах. Іконы выкінулі з разбуранай капліцы. Нават нягледзячы на жальбы жонкі, што для бульбы ў машыне месца не хапае, забраў 4 абразы. Чвэрць стагоддзя яны захоўваліся ў яго дома, а потым пенсіянер аддаў іх музею. Мы доўга яго распытвалі, ён спакойна адказваў: «Так, я разумею, што на кошт гэтых ікон можна купіць кватэру ў Мінску, але я хачу іх падарыць».
Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў (злева) і мінскі пенсіянер, міліцыянер у адстаўцы
Леанід Новак на фоне падоранай ім музею іконы. Май 2013 года.
© НММ РБ
иаыи\иааиы\
Леаніда Новака ўжо няма ў жывых, але пра шчодрасць яго ўчынку мастацтвазнаўцы распавядаюць да гэтага часу. Адзін з абразоў, Маці Божая Адзігітрыя XVIII стагоддзя, аказаўся па-сапраўднаму рэдкім – класічны прыклад мясцовай іканапіснай школы. А Хрыстос Уседзяржыцель яшчэ знаходзіцца на рэстаўрацыі і пакуль не выстаўляецца.
«Маці Божая Адзігітрыя», XVIII стагоддзе,
дар Леаніда Аляксандравіча Новака.
Прафесар Высоцкая ў 80-х гадах выпусціла альбом пра беларускі сакральны жывапіс, сабраны па беларускіх вёсках, царквах і капліцах. На той момант наклад быў грандыёзны – 50 тысяч. І ён разышоўся літаральна злёту. Надзея Фёдараўна дагэтуль памятае лёс кожнага з некалькіх сотняў абразоў, якія там апісаны.
Фрагмент царскай брамы, знойдзены Надзеяй Высоцкай.
Надзея Высоцкая
Прафесар
Вось абраз з вёскі Ялава, Пружанскага раёна (на фота зверху). З аднаго боку адсутнічае маляўнічы пласт – ён зрэзаны, таму што абраз служыў стальніцай – на ім хлеб і сала рэзалі. Знайшла я яго выпадкова – размаўляем мы са святаром, гарбату п'ем, а на стале абрус неяк дзіўна тапырыцца. Я пад яго рукой – а там луска (скос паміж полем і каўчэжцам абраза – Sputnik). Папрасіла абрус падняць – а гэта былая царская брама. Дзве створкі злучылі разам. Разумна. А святар мясцовы за гэтым сталом еў...
Апазнаць рысы барока, якое панавала ў Еўропе ў XVII–XVIII стагоддзях, у экспазіцыі беларускага іканапісу можа нават не занадта дасведчаны ў мастацтве чалавек. Напрыклад, іконы з іканастаса царквы вёскі Аброва Івацэвіцкага раёна на Брэстчыне выглядаюць некалькі нязвыкла – яны авальнай формы, апраўленыя расліннымі парасткамі і ракавінамі.
Абразы святочнага рада іканастаса, XVIII стагодзе (1754–1757).
Крыжаўзвіжанская царква, с. Аброва, Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці.
Любоў Сысоева
Мастацтвазнаўца
Іканапісцы выкарыстоўвалі іконаграфічныя схемы як візантыйскія, так і заходне-еўрапейскія, а некаторыя абразы напісаны па ўзорах з Кіева-Пячэрскай лаўры.
Шматлікія абразы, якія прадстаўлены ў экспазіцыі, як, напрыклад, Маці Божая Барунская з Кобрынскага раёна, або Пясковая, шанаваліся і каталікамі, і праваслаўнымі.
«Маці Божая Барунская», XVIII ст.
Царква ў в. Корчыцы
Брэсцкай вобласці.
«Маці Божая Пясковая», XVIII ст.
Царква святой Параскевы Пятніцы ў Старых Дзявяткавічах, Слонімскі раён Гарадзенскай вобласці.
© Дзмітрый Казлоў / НММ РБ
Любоў Сысоева
Мастацтвазнаўца
Для італьянцаў стала сапраўдным адкрыццём, што ў нас быў вельмі распаўсюджаны вобраз Маці Божай Рымскай, так званай Маці Божай Снежнай – культ Маці Божай распаўсюджваўся на Беларусі пад уплывам каталіцкай царквы.
«Маці Божая Жыровіцкая», XVIII ст.
Тураў Гомельскай вобласці.
Традыцыйна іконы ніколі не падпісвалі – майстар-іканапісец доўга рыхтаваўся да стварэння сакральнага вобразу – маліўся, трымаў пост, жыў у аскезе – лічылася, што яго рукой піша Бог, таму і ставіць сваё імя лічылася лішнім. А з часам іканапісная праца стала калектыўнай – іконы пісалі арцелі, у якіх у майстроў быў дакладны падзел працы.
Любоў Сысоева
Мастацтвазнаўца
Пачынаючы з XVII стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі сталі стварацца іканапісныя арцелі. Кожны майстар працаваў над сваім «участкам» – хтосьці рыхтаваў шчыт, хтосьці яго ляўкасіў (пакрываў спецыяльным грунтам, які складаўся з мелу, размешанага на рыбіным клеі з даданнем льнянога алею – Sputnik), іншы майстар рабіў жывапіс «лікавы» – пісаў лікі і рукі, трэці працаваў над «далікавым» жывапісам – маляваў вопратку, фоны, чацвёрты залаціў.
Георгіус, «Маці Божая Адзігітрыя і Хрыстос Уседзяржыцель», 1678(?) год.
Мікольская (могілкавая) царква (XVIII ст.), Пінск Брэсцкай вобласці.
Але да канца XVII стагоддзя некаторыя іканапісцы ўжо сталі ідэнтыфікаваць сябе як майстры. І ў зборы Мастацкага музея ёсць дзве іконы, якія аўтар падпісаў: пад евангеллем, якое трымае ў руках Ісус, напісана не да канца чытальная дата – 1678(?) год і імя – Георгіус.
Фрагмент іконы «Хрыстос Уседзяржыцель» з подпісам аўтара.
Любоў Сысоева
Мастацтвазнаўца
Гэта рэдкае шанцаванне для даследчыкаў, калі абраз падпісаны і датаваны. Ён дапамагае ў атрыбуцыі іншых абразоў. Гэта свайго роду эталон, адштурхоўваючыся ад якога можна адсочваць і як змяняецца тлумачэнне і падыходы.
На тэрыторыі Беларусі многія гады талерантна суіснавалі розныя рэлігійныя канфесіі, у іканапіснай школе гэта не магло не знайсці свайго ўвасаблення. Адны і тыя ж майстры маглі ствараць абразы і для праваслаўя, і для каталіцызму, і для ўніяцтва. Таму і ў экспазіцыі прадстаўлены абразы і з каталіцкіх, і з праваслаўных храмаў.
У 60-70-я гады, хоць цэрквы і стаялі незамкнутыя, без святароў, мясцовыя жыхары супраціўляліся таму, каб іконы адпраўлялі ў музей. Не раз музейныя экспедыцыі сустракалі натоўпы сялян, а за спінамі, у кювеце, відаць было граблі і вілы.
Надзея Высоцкая
Прафесар
Часам прасілі дапамагчы мясцовыя райкамы партыі. З тымі ж Ляхаўцамі як было – рота салдат ачапіла могілкі, а ў гэты час калгаснікі сядзелі ў клубе на арганізаваным па нашай просьбе сходзе. Мясцовыя жыхары заўсёды супраціўляліся. І яны маюць рацыю – гэта іх дзядоў, прадзедаў іконы. Але забяспечыць захаванасць усяго гэтага, на жаль, у сельскай паўразбуранай царкве немагчыма. Да таго ж, тады ўся гэта маёмасць лічылася ўласнасцю Міністэрства культуры БССР. Пакінуць помнік на разрабаванне мы не маглі. Колькі было знішчана, скрадзена і ўжо назаўсёды згублена.
Над усімі без выключэння абразамі збору папрацаваў пэндзаль, а то і скальпель рэстаўратара. Шматлікія абразы ўдалося вярнуць з нябыцця, у рэстаўрацыйныя майстэрні іх прывозілі з маляўнічым пластом, які ледзь не цалкам адпластаваўся.
Архістратыг Міхаіл. XIX стагоддзе. Стан да і ў працэсе рэстаўрацыі.
А яшчэ іх любілі «фарматаваць» на злобу дня. Напрыклад, маляўнічы фон іконы, на якім часцей за ўсё былі пейзажы, пакрывалі сусальным золатам. Пры рэстаўрацыі пазнейшыя пласты прынята здымаць «да аўтара». Тое, як выглядаў шэдэўр першапачаткова, можна ўявіць па зандажам; няўхільнае правіла рэстаўрацыі – пакідаць фрагменцік дарэстаўрацыйнага выгляду. Па іх жа можна ўбачыць, як перараблялі абраз пад службу розным канфесіям.
Фрагмент іконы «З'яўленне Жыровіцкага абраза Маці Божай» з іканастаса Успенскага сабора Жыровіцкага манастыра Гродзенскай вобласці, 1730-я годы.
«Маці Божая Адзігітрыя», XVIII–XIX стст., у працэсе рэстаўрацыі,
с. Бараўцы, Вілейскі раён Мінскай вобласці.
Узаемапранікненне культур і рэлігійных традыцый – усё гэта вялікая каштоўнасць для даследчыкаў. А для простага наведвальніка куды цікавей заўважыць той «шыфр», які спрабавалі пакінуць у кананічнай працы майстры. Дадаць на абраз зразумелыя і звыклыя матывы са штодзённасці.

Так, напрыклад, на абразах з уніяцкага храма пасёлка Шарашова, дзе намаляваныя сюжэты з жыцця Багародзіцы і Хрыста, твары ў персанажаў цалкам зямныя, у іх няма звыклай строгасці і аскетызму.
Іконы святочнага рада іканастаса, XVIII ст.
Прачысценская царква, г.п. Шарашова, Пружанскі раён Брэсцкай вобласці.
Любоў Сысоева
Мастацтвазнаўца
На шматлікіх беларускіх абразах жанчыны апранутыя не ў традыцыйныя хітоны і мафорыі, а ў сукенкі, характэрныя для XVII–XVIII стагоддзяў, а то і ў адзенні, вельмі падобныя на нашы нацыянальныя.
Маці Божая на многіх абразах з Брэстчыны намаляваная ў галаўным уборы, які вельмі нагадвае традыцыйную беларускую намітку – яе насілі замужнія жанчыны. А на тканінах і пялюшках, якія намаляваныя на абразах, вельмі часта можна ўбачыць узоры нацыянальных беларускіх вышывак.
Пётр Аўсіевіч Зураста (аўтар/?/, заказчык /?/), «Нараджэнне Маці Божай», 1649 год.
На іконе «Нараджэнне Маці Божай» асабліва прыкметныя беларускія народныя матывы.
Любоў Сысоева
Мастацтвазнаўца
Нашы іканапісцы вельмі творча, у адпаведнасці з мясцовымі паданнямі, перапрацоўвалі візантыйскія і заходне-еўрапейскія традыцыі, вы толькі ўявіце – XVII стагоддзе, ужо прынятая Брэсцкая ўнія, існуе ўніяцкая царква. Як праваслаўны мастак мог паказаць сваё стаўленне да варожых рэлігійных персанажаў? Прасцей за ўсё – апрануць яго ў адзення іншаверцаў. Так, на іконе з сюжэтам «Усячэнне рук першасвятару Афонію» з Маларыты іканапісец адлюстраваў яго ў чалме.
Маларыцкі майстар, «Успенне Маці Божай», 1650 год.
Фрагмент іконы маларыцкага майстра «Успенне Маці Божай»,
сюжэт «Усячэнне рук першасвятару Афонію».
Нягледзячы на ўсе кананічныя патрабаванні, раптам ды і «адлюстроўваецца» на абразах жыццё зямное і нават свецкае.
Любоў Сысоева
Мастацтвазнаўца
На абразе Спасланне Ісуса ў пекла намаляваныя стражнікі – румяныя, у латах, быццам яны сышлі з параднага шляхецкага партрэта. І ўжо зусім недапушчальнае для іканаграфіі – на іконе ёсць цені. Напрыклад – шляхецкая шабля адкідвае цень. А на іконе ж ўсё безцялеснае. Не можа там быць ценяў. А на беларускай – можа.
«Уваскрэсенне Хрыстова – Сашэсце ў пекла»,
другая палова XVII – пачатак XVIII ст.
Фрагмент іконы «Уваскрэсенне Хрыстова – Сашэсце ў пекла».
Выказваем падзяку за дапамогу ў стварэнні праекта:

вядучаму навуковаму супрацоўніку
Любові Сысоевай
і начальніку аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі
Алене Карпенка,
прафесару гістарычнага факультэта БДУ
Надзеі Высоцкай
Кіраўнік
Аўтар
Карэктар
Фота
Дызайнер
Алеся Лучанінава
Святлана Ліцкевіч
Анастасія Купрыянава
Віктар Талочка
Дзмітрый Харошых

© 2017 Sputnik